Сын Божы Ўваскрэс

Сын Божы Ўваскрэс

Вершы  Аркадзiя Нафрановічa,
в. Камаі Віцебскай вобл.

(Трыпціх)


1.
Начны паволі знікнуў цень,
І сонца асвяціла долы.
Заняўся Велікодны дзень,
Спявалі гімн яму анёлы.
І помню – маці раніцой
Мой перарвала сон дзіцячы:
– Сынок, хадзі глядзець са мной,
Як сонейка сягоння скача.
І быў я здзіўлены нямала,
Як заварожаны стаяў:
Такіх яшчэ не бачыў з’яў –
Свяціла сапраўды скакала.
І я расчуліўся да слёз.
А маці, гледзячы на сонца,
Сказала: –Уваскрэс Хрыстос,
Заступнік наш і абаронца.

2.
Пяе душа, настрой святочны,
Я з храма Божага іду,
Дамоў спяшаю з усяночнай,
Нясу свянцоную ваду.
О, гэта раніца святая! –
Павесялела ўсё наўкол.
Мая сям’я мяне чакае,
Каб разам сесці нам за стол.
Зацеплім свечку і вадзіцы
Асвечанай усе глынём
І справім трапезу ў святліцы
Вясёлым Велікодным днём.

3.
Я з кожным Велікодным днём
Бы нараджаюся нанова.
Прыходзіць радасць у мой дом,
І поўніцца ён Божым Словам.
Хрыстос-Збавіцель Уваскрэс,
Такая светлая часіна!
Трава зазелянела спрэс,
І льецца мілы спеў шпачыны.
Цяплее зноў блакіт нябёс,
І песцяць вочы жыта ўсходы.
Жыве ў маёй душы Хрыстос
І будзе жыць у ёй заўсёды.

(Просмотров:73)